РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.
т. 13, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)